ІВАН АЛЯКСЕЕВІЧ ЕРМАЛАЕВ - ГУК
ІВАН АЛЯКСЕЕВІЧ ЕРМАЛАЕВ

ІВАН АЛЯКСЕЕВІЧ ЕРМАЛАЕВ (1907, Расія – 1993),
палкоўнік Савецкай Арміі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны,
Герой Савецкага Саюза (1945)


Іван Аляксеевіч Ермалаеў нарадзіўся 15 кастрычніка 1907 г. ў вёсцы Вялікія Бярэзіцы Наўгародскай вобласці ў сялянскай сям'і. Рускі. Скончыў 7 класаў. Прызваны ў армію ў 1929 г. Салецкім райваенкаматам. У 1934 г. скончыў Ленінградскае ваенна-палітычнае вучылішча, у 1943 г. – Вышэйшыя стралкова-тактычныя курсы ўдасканалення каманднага складу пяхоты «Стрэл». Служыў на Далёкім Усходзе.
У гады Вялікай Айчыннай вайны ў дзеючай арміі , з лютага 1943 г., камандзір 767-га стралковага палка (228-я стралковая Узнясенская дывізія, 53-я армія, 2-гі Украінскі фронт).
Капітан Ермалаеў на Паўднёва-Заходнім фронце ў складзе 1-ай гвардзейскай арміі ўдзельнічаў у Данбаскай наступальнай апярацыі (13 жніўня – 22 верасня 1943 г.), у ходзе якой 228-я стралковая дывізія 7 верасня 1943 г. фарсіравала раку Северскі Данец ў раёне горада Балаклея, Харкаўскай вобласці, і з баямі рухалася ўздоўж правага берага ракі ў паўночна-заходнім кірунку.
У паспяховым выкананні загадаў камандавання 228-й стралковай дывізіяй вялікую ролю адыграла ўмелае кіраўніцтва баявымі аперацыямі намесніка камандзіра 799-га стралковага палка па страявой частцы капітана Ермалаева, які бесперапынна знаходзіўся ў баявых парадках падраздзяленняў.
8 верасня 1943 г. Іван Аляксеевіч знаходзіўся ў падраздзяленнях палка на вышыні 162,0 м. У гэты час праціўнік з вёскі Чырвоны Данец (цяпер пасёлак гарадскога тыпу, Балаклейский раён Харкаўскай вобласці) распачаў контратаку пры падтрымцы танкаў на пазіцыі палка. Капітан Ермалаеў выклікаў артылерыйскі і мінамётны агонь і, дакладна карэктуючы яго, прымусіў праціўніка павярнуць назад. Потым ён падняў у атаку падраздзяленне і выбіў праціўніка з Чырвонага Данца, чым забяспечыў бяспеку левага флангу. За гэта быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені.
З кастрычніка 1943 г. 228-я стралковая дывізія ў складзе 37-й арміі ўдзельнічала ў наступальных дзеяннях 2-га Украінскага фронту на крыварожскім кірунку, прадпрынятых арміяй з плацдарма на правым беразе Дняпра.
У баі 1 лістапада 1943 г. ў раёне вёскі Іскраўка Пятроўскага раёна Кіраваградскай вобласці капітан Іван Аляксеевіч Ермалаеў быў цяжка паранены. Пасля лячэння вярнуўся ў свой полк.

На 3-м Украінскім фронце ў складзе 37-й арміі ён паспяхова ўдзельнічаў у некалькіх наступальных аперацыіх і вызваленні многіх гарадоў.
Маёр Ермалаеў умела кіраваў баявымі дзеяннямі палка па авалоданні важным вузлом дарог г. Мако (Венгрыя), які звязваў Венгрыю з Румыніяй і Югаславіяй. У ходзе баёў полк знішчыў і ўзяў у палон каля 500 гтлераўскіх захопнікаў, 2 танкі, больш за 20 гармат і другой баявой тэхнікі.
У верасні 1944 г. маёр Ермалаеў быў прызначаны камандзірам 767-га стралковага палка, якім камандаваў таксама да канца вайны (з пачатку красавіка 1945 г. ў званні падпалкоўніка).
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 г. маёр Іван Ермалаеў быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медалі «Залатая Зорка».
Пасля заканчэння вайны падпалкоўнік Ермалаеў працягваў службу ва Узброеных Сілах.
У 1950 г. Іван Аляксеевіч скончыў курсы ўдасканалення афіцэрскага складу. З чэрвеня 1954 г. па снежань 1955 г. Ермалаеў служыў ваенным камісарам Брэсцкага аб'яднанага гарадскога ваеннага камісарыята (ОГВК). У 1955 г. ў званні палкоўніка быў зволены ў запас. Пражываў у Брэсце.
Памёр Іван Аляксеевіч 7 студзеня 1993 г. Пахаваны на гарадскіх могілках Плоска ў г. Брэсце.
Іван Аляксеевіч Ермалаеў быў узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступеняў, ордэнам Чырвонай Зоркі і некалькамі медалямі.

Літаратура:
1.Бяссонаў, Г. У. Лёсам звязаны з Брэстам : [Ермалаеў Іван Аляксеевіч] / Г. У. Бяссонаў. // Памяць : Брэст. Гісторыка-дакументальная хроніка у 2 кн. Кн. 2.Мінск, 2001. С. 633–634.
2.Ермолаев Иван Алексеевич // Герои Советского Союза: краткий биогр. слов. Т. 1. Москва, 1987. С. 485.