ШАХМЕТОВ Степан Кондратьевич - ГУК
ШАХМЕТОВ Степан Кондратьевич

Сцяпан Кандратавіч Шахметаў нарадзіўся ў 1901 годзе ў мястэчку Лёзна Віцебскай губерні (цяпер гп. Лёзна Віцебскай вобласці). У трынаццаць год пачаў свой працоўны шлях. Служыў у Чырвонай арміі. З 1923 года працаваў на прадпрыемствах Віцебска, яго неаднаразова абіралі сакратаром партыйнай ячэйкі.

У 1933–1935 гадах С. К. Шахметаў працаваў старшынёй калгаса. Затым быў інструктарам Віцебскага гаркама КП(б)Б, намеснікам дырэктара МТС па палітычнай частцы. У 1937 годзе быў сакратаром гаркамаў КП(б)Б у Віцебску і Дрысе.

Восенню 1939-га С. К. Шахметаў накіраваны на партыйную работу ў Заходнюю Беларусь, абраны першым сакратаром Дамачаўскага райкама КП(б)Б Брэсцкай вобласці. Пачалася работа па адміністрацыйна-гаспадарчым уладкаванні, пераводзе эканомікі на рэйкі сацыялістычнага будаўніцтва. Дамачаўскі раён, утвораны ў студзені 1940 года, меў плошчу 491,3 кв. км, быў падзелены на сельсаветы: Дубіцкі, Камароўскі, Ляплёўскі, Мяднянскі, Падлужскі, Прыбараўскі, Чэрскі. На красавік 1940 года ў раёне на партыйным ўліку было 59 членаў і 53 кандыдаты ў члены КП(б)Б. Выключную большасць камуністаў складалі прыезджыя. Былым членам КПЗБ было адмоўлена ў пераводзе ў рады КП(б)Б. Папаўненне партыйных радоў ішло марудна. Напачатку 1941 года С. К. Шахметава накіравалі на вучобу ў Ленінградскую акадэмію.

Нямецка-фашысцкія захопнікі занялі Дамачава ў першы дзень вайны, 22 чэрвеня 1941 года. Пагранічнікі 16-й пагранзаставы больш за 5 гадзін стрымлівалі ворага. Партыйныя і савецкія работнікі былі вымушаны адступіць у глыб СССР. У Дамачаве засталася жонка Сцяпана Кандратавіча, Яўгенія Ігнацьеўна Шахметава, з трыма дзяцьмі. Яе арыштавалі за сувязь з партызанамі 22 мая 1942 года, расстралялі ў Брэсцкай турме. Ад дызенцерыі памёр малодшы сын Валерый.

З першых месяцаў вайны С. К. Шахметаў змагаўся на фронце ў якасці палітычнага работніка. У 1944 годзе служыў намеснікам начальніка 28-га Раёна авіяцыйнага базіравання 4-га Укранскага фронту па палітычнай частцы, удзельнічаў у вызваленні Крыма. Часткі РАБ забяспечвалі базіраванне авіяпалкоў, падвоз бензіна, бомб і іншых боепрыпасаў.

Таксама геройскі ваяваў яго малодшы брат, Сямён Кандратавіч Шахметаў (1906–?). Быў камандзірам 292-га Палка самаходнай артылерыі на 3-м Украінскім фронце, даслужыўся да звання гвардыі палкоўніка, узнагароджаны ордэнамі і медалямі.

Незвычайны лёс дачкі Сцяпана Кандратавіча, Таiсы Шахметавай (1933–2011). Калі прыйшлі немцы ў Дамачава, яна знаходзілася разам з маці і братамі Валерыем і Міхаілам. Калі не стала маці, жыла з дзяцьмі Дамачаўскага дзіцячага дома, а Міша быў у работніках у вяскоўцаў. 23 верасня 1942 года 56 дзяцей, якія засталіся на той час у дзіцячым доме, ва ўзросце ад 2 да 10 год, і разам з імі 20-гадовую выхавацельніцу Паліну Аляксандраўну Грахольскую немцы пагрузілі на грузавую аўтамашыну. У час пагрузкі дзевяцігадовая Тося злезла з машыны і ўцякла, спачатку хавалася ў будынках, а потым збегла ў лес. Яшчэ збег Віця Абрамаў (ён выжыў, пасля вайны жыў у Ленінградзе). Дзяцей павезлі ў бок чыгуначнай станцыі Дубіца, але машына ад’ехала недалёка. Дзеці і выхавацельніца былі расстраляны непадалёк ад вёскі Ляплёўка.

Тося доўга блукала, прыпынялася ў розных людзей, пакуль не дабралася да польскага сяла Славатычэ, дзе яе прытуліла сялянская сям’я Браніславы Курылюк. Пасля вызвалення краю, у ліпені 1944 года яе знайшоў бацька, забраў з сабою. Два месяцы яна была з бацькам у часці, потым адпраўлена ў Брэст да бацькавага сябра. Бацька таксама знайшоў старэйшага сына Міхаіла, у 1945 годзе яму было сямнаццаць, ён ужо служыў у артылерыі і бацька перавёў яго ў сваю частку.

Таіса Сцяпанаўна з 1946 года жыла ў Кобрыне, закончыла Брэсцкае медыцынскае вучылішча, шмат гадоў працавала медсястрой. Выйшла замуж за М. С. Цімашэнку, нарадзіла сына і дачку. 4 мая 2005 года яна прысутнічала на адкрыцці помніка расстраляным выхаванцам Дамачаўскага дзіцячага дома.

У 1946 годзе С. К. Шахметаў дэмабiлізаваўся ў званні палкоўніка, быў накіраваны на працу ў Кобрын. У 1948–1950 гадах працаваў старшынёй Кобрынскага райвыканкама. Гэта былі складаныя гады аднаўлення эканомікі краю пасля нямецка-фашысцкай акупацыі. Будаваліся дамы, школы, бальніцы, ствараліся майстэрні, заводы, фабрыкі, калгасы. У 1948 годзе пачала дзейнічаць арцель імя Суворава, якая вырабляла шафы, спальныя гарнітуры, сталы, крэслы, трумо. У тым жа годзе з’явіўся кансервавы завод, адзін з першых такіх заводаў у Беларусі. У той час на ім працавалі 52 чалавекі. У 1949 годзе арцель «Чырвоны сцяг» была пераўтворана ў ткацкую фабрыку, якая выпускала радно, дарожкі для падлогі, хусткі. Аднак да сярэдзіны 1950-х у раёне дзейнічалі бандыты Украінскай паўстанцкай арміі, падпольнай арганізацыі «Саюз абаронцаў свабоды», ад іх рук гінулі людзі.

У 1952–1961 гадах С. К. Шахметаў быў начальнікам Брэсцкага будаўніча-мантажнага ўпраўлення № 4 трэста «Белмясамалпрам» Міністэрства мясамалочнай прамысловасці БССР. Цяпер БМУ-4 пасля шэрагу пераўтварэнняў называецца: «Дзяржаўнае ўнітарнае будаўнічае прадпрыемства “Брэсцкая ПМК-6”».

Сцяпан Кандратавіч пасля 1961 года знаходзіўся на пенсіі, жыў у Брэсце. За заслугі перад Радзімай узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1939), Чырвонай Зоркі (1943), Айчынай вайны І (1945) і ІІ ступеняў (1944), пяццю медалямі.

С. К. Шахметаў памёр 3 чэрвеня 1969 года.